На шляху да адбудовы сельскай гаспадаркі ў Савецкай Беларусі (верасень 1943 г. – 1945 г.)
М. У. Смяховіч (Мінск)
Страты і разбурэнні. Сітуацыю, якая склалася пасля вайны ў сельскай гаспадарцы Савецкай Беларуси, можна вызначыць як катастрафічную. На сяле было знішчана звыш 1200 тыс. будынкаў, у тым ліку 420 825 жылых дамоў, 533 тыс. гаспадарчых пабудоў, 23 тыс. культурна-бытавых і адміністрацыйных будынкаў, вывезена з беларускай вёскі ў Германію больш за 980 тыс. коней, больш за 2 млн галоў буйной рагатай жывёлы, больш за 2,8 млн галоў свіней і прыкладна такая ж колькасць авечак і коз [1, с. 202]. Ва ўсіх саўгасах рэспублікі, па дадзеных Наркамата саўгасаў, была «разрабавана і знішчана ўся рабочая і прадукцыйная жывёла. Нямецкія акупанты ўгналі ў рабства і забілі 21 100 рабочых и членаў іх сем’яў, што склала 52 % ад агульнай колькасці рабочых і служачых саўгасаў» [2, арк. 9].
На момант вызвалення Беларусі ў параўнанні з 1940 г. у ёй засталося толькі 39 % коней, 31 – буйной рагатай жывёлы, 37 – кароў, 11 – свіней і 22 % – авечак і коз, пасяўныя плошчы скараціліся на 43 % [1, с. 202].
Аднаўленне сельскагаспадарчай вытворчасці ва ўсходніх абласцях БССР. Аднаўленне калгасаў, як і прамысловых прадпрыемстваў, пачалося з вызваленнем першых раёнаў Беларусі і аднаўленнем дзейнасці органаў дзяржаўнай улады і кіравання. Ужо восенню 1943 г. у вызваленых раёнах Магілёўскай вобласці з 918 даваенных калгасаў адміністрацыйна было адноўлена 913 [5, с. 89]. Да лета 1944 г. практычна ўсе 954 калгасы Гомельскай вобласці таксама атрымалі ўласную адміністрацыю. Аднак гаспадарчыя работы былі арганізаваны толькі ў 593. У дадзены час калгасы гэтай вобласці мелі на ўзбраенні толькі адзін трактар на чатыры калгасы і 21 362 рабочых кані (па 2–3 кані на калгас) [6, арк. 7].
Як і прамысловасць, хутка пераадолець наступствы вайны і акупацыі беларуская сельская гаспадарка не магла з-за адсутнасці матэрыяльна-тэхнічных, фінансавых і людскіх рэсурсаў. У гэты перыяд істотнае значэнне для Беларусі мелі дапамога саюзнага цэнтра і іншых рэспублік. Ужо ў пастанове ЦК УКП(б) і СНК СССР ад 21 жніўня 1943 г. «Аб неад к ладных мерах па аднаўленні гаспадаркі ў раёнах, вызваленых ад нямецкай акупацыі», дзеянне якой распаўсюджвалася і на тэрыторыю БССР па меры яе вызвалення, прадугледжвалася вяртанне ў вызваленыя раёны прадукцыйнай жывёлы, якая павінна была перадавацца «толькі калгасам – уласнікам жывёлы». Акрамя таго, калгасы на 1943–1945 гг. вызваляліся ад пастаўкі коней «на патрэбы абароны». Калгасныя двары, гаспадаркі рабочых і служачых на адзін год вызваляліся ад абавязковай здачы дзяржаве «ўсіх сельскагаспадарчых прадуктаў». Была прадугледжана магчымасць выданы калгасам насеннай ссуды з дзяржаўных рэзерваў, прадугледжвалася вяртанне аўтатрактарнай тэхнікі, іншага інвентару, які быў эвакуіраваны ў 1941 г. Для патрэб жыллёвага будаўніцтва адводзіліся лесасекі, а Ашчадны банк быў абавязаны «выдаваць крэдыты на індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва ў сельскай мясцовасці па 10 тыс. рублёў на сям’ю тэрмінам на 7 гадоў». Згодна з пастановай ЦК УКП(б) і СНК СССР ад 1 студзеня 1944 г. «Аб бліжэйшых задачах Саўнаркама БССР і ЦК КП(б) Беларусі» і пастановай СНК СССР ад 26 лютага 1944 г. «Аб неадкладных мерах па аднаўленню жывёлагадоўлі калгасаў у раёнах Беларускай ССР, вызваленых ад нямецкіх захопнікаў», у БССР было вырашана завезці з іншых саюзных рэспублік: буйной рагатай жывёлы – 80 тыс. галоў, свіней – 50 тыс., коз і авечак – 130 тыс., коней – 131 тыс. галоў; вярнуць эвакуіраванай жывёлы: буйной рагатай – 6,4 тыс. галоў, коней – 0,6 тыс. галоў; накіраваць 165 заатэхнікаў і ветурачоў [7, арк. 120].
Пасля гэтага ў БССР пачаўся працэс рээвакуацыі матэрыяльна-тэхнічнага абсталявання, іншых сродкаў сельскагаспадарчай вытворчасці. У першачарговым парадку матэрыяльна-тэхнічная дапамога аказвалася саўгасам. Дзеля гэтага 28 лютага 1944 г. СНК СССР прыняў пастанову № 28 аб аднаўленні саўгасаў сістэмы Наркамата саўгасаў СССР. У сваю чарту СНК БССР и ЦК КП(б)Б 29 сакавіка 1944 г. принялі пастанову «Аб аднаўленні саўгасаў Наркамата саўгасаў у Гомельскай, Магілёўскай, Палескай і Віцебскай абласцях» [8, арк. 6]. У адпаведнасці з гэтымі нарматыўна-распарадчымі рашэннямі вясной 1944 г. з Омскай, Навасібірскай, Горкаўскай, Іванаўскай, Тамбоўскай, Куйбы-шаўскай, Яраслаўскай абласцей РСФСР, Узбекскай і Кіргізскай ССР у саўгасы БССР было накіравана 2410 галоў буйной рагатай жывёлы, 390 коней (адпаведна 36 и 30 % ад агульнай колькасці эвакуіраваных), 43 трактары, 25 грузавых аўтамашын, 290 т паліва [9, арк. 218, 219].
На 10 сакавіка 1944 г. у БССР было ўвезена 132 трактары, 13 тыс. коней, 80 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, 50 тыс. галоў свіней, больш за 130 тыс. галоў авечак і 150 тыс. галоў птушкі [3, с. 53–54, 67]. Гэтыя рэсурсы некалькі ўзмацнілі матэрыяльную базу калгасаў і саўгасаў БССР. Таму ў жніўні 1944 г. ЦК КП(б)Б прыняў рашэнне давесці плошчу «азімага севу ў кожным калгасе ў памеры не меней за 80 % да плошчы даваенных пасеваў» [6, арк. 16].
Значная дапамога наступала ў БССР і ў 1945 г. У тэты час у калгасы рэспублікі было завезена больш за 15 тыс. адзінак сельскагаспадарчага абсталявання [10, с. 48]. Да таго ж восенню 1945 г. на радзіму ў Віцебскую, Гомельскую і Магілёўскую вобласці вярнулася 27 537 дэмабілізаваных воінаў [11, с. 28]. Апошняе садзейнічала паступоваму вырашэнню праблемы забеспячэння сельскай гаспадаркі, як і ўсёй беларускай эканомікі, кваліфікаванымі кіруючымі і рабочымі кадрамі. А гэтая праблема ў разглядаемы перыяд стаяла вельмі востра. Так, у чэрвені 1945 г. у Мінскай вобласці з 1582 старшынь калгасаў сярэднюю адукацыю мелі толькі 50 чалавек – 3 % ад агульнай колькасці, а астатнія 97 % мелі адукацыю толькі ў межах пачатковай школы. Пры гэтым 1227 человек не мелі вопыту кіраўніцкай работы [5, с. 89]. Такая ж сітуацыя назіралася і ў іншых абласцях БССР.
Таму менавіта чалавечы фактар у тых умовах быў асноўным рэсурсам, на які абапіралася ўлада ў працэсе першаснага аднаўлення не толькі сельскай гаспадаркі, але і ўсёй эканомікі краіны. Калі сказаць дакладней, гэта быў працоўны гераізм беларускага народа ў цэлым і працоўнага сялянства ў прыватнасці. Усе работы на вёсцы прыходзілася выконваць у асноўным сваімі рукамі ў надзвычай складаных умовах. У 1945 г. у Беларусі на ручных работах па ўскопванню пашні працавалі 178 тыс. сялян, у асноўным жанчыны, старыя і дзеці. Аднымі рыдлёўкамі яны ўскапалі больш за 150 тыс. га зямлі (78 тыс. га ў калгасах і 80 тыс. га на сваіх прысядзібных участках). У 1944 г. многія сяляне пры абавязковай выпрацоўцы 132 працадзён выпрацавалі па 300–400 працадзён [5, с. 91, 93]. Пры гэтым за ўскапаныя ўручную ОД га пашні калгасы налічвалі толькі 1 працадзень [12, арк. 31].
Сяляне працавалі на мяжы фізічных магчымасцей чалавека, грашовая і натуральная ап лата была вельмі сціплай. У 1945 г. на працадзень яны ў сярэднім атрымлівалі: збожжа – 0,4 кг, бульбы – 0,7 кг, сена и саломы – 0,5 кг [5, с. 93].
Вясной 1945 г. было праведзена франтальнае абследаванне ўсіх раёнаў усходніх абласцей БССР на прадмет становішча сельскай гаспадаркі. У выніку было канстатавана, што становішча аграрнай галіны на месцах заставалася надзвычай цяжкім. Напрыклад, на 1 красавіка 1945 г. у Асіповіцкім раёне налічвалася 94 калгасы, якія аб’ядноўвалі 6977 сялянскіх двароў і 24 030 сялян, з якіх толькі 9454 чалавекі былі працаздольнымі (г. зн. на кожны калгас прыпадала толькі каля 100 працаздольных сялян). У раёне налічвалася 1065 коней (11 коней на 1 калгас), з іх 98 коней былі хворымі, а 642 – надзвычай схуднелымі і замардаванымі (60 % ад агульнай колькасці), пры гэтым у калгасах увогуле не было трактароў і грузавых аўтамашын. У 1944 г. калгасы гэтага раёна засеялі 5003 га пахаты (50,5 га на 1 калгас), а ў 1945 г. трэба было засеяць 10260 га (120 га на 1 калгас, задание было павялічана на 140 %). Для таго, каб выканаць такі аб’ём пахатных работ, у раёне вясной 1945 г. былі «прывучаны для сельгасработ 132 каровы» [13, арк. 14].
У Круглянскім раёне налічвалася 132 калгасы, якія аб’ядноўвалі 7763 сялянскіх двары (58 двароў на 1 калгас) і 26 826 сялян, з якіх толькі 10 450 чалавек былі працаздольнымі (79 працаздольных на 1 калгас). У гэтым раёне налічвалася 1528 коней, з якіх 976 былі хворымі на часотку, знясіленымі і моцна замардаванымі (11 коней на 1 калгас), трактароў не было. Для правядзення пасяўной кампаніі вясной 1945 г. было адабрана «780 кароў калгасаў і калгаснікаў». У 1944 г. калгасы раёна засеялі 7000 га зямлі (53 га на 1 калгас), а ў 1945 г. трэба было засеяць 13 135 га зямлі (прыкладна па 100 га на 1 калгас) [13, арк. 93]. Прыкладна такім жа цяжкім было становішча сельскай гаспадаркі ў Старобінскім, Мсціслаўскім, Петрыкаўскім і ў іншых раёнах усходніх абласцей Беларусі [13, арк. 18, 95, 119].
Становішча сельскай гаспадаркі ў заходніх абласцях БССР. У заходнім рэгіёне Беларусі – Баранавіцкай, Брэсцкай, Гродзенскай, Маладзечанскай,
Пінскай абласцях і заходніх раёнах Полацкай вобласці – аднаўленчыя работы ў сельскай гаспадарцы амаль не праводзіліся. Калі да вайны тут было арганізавана 1115 калгасаў, то на 1 снежня 1946 г. узнавілі сваю работу толькі 132 калгасы [14, арк. 13]. Амаль усе адноўленыя калгасы былі арганізаваны на базе былых нямецкіх дзяржаўных маёнткаў, з якіх акупанты не паспелі вывезці рабочую жывёлу і сельскагаспадарчае абсталяванне. Напрыклад, у Полацкай вобласці ў канцы вайны, па сведчанні начальніка Полацкага абласнога зямельнага аддзела Хорта, было адноўлена 28 калгасаў «У асноўным гэтыя калгасы, – адзначаў ён, – арганізаваны на базе маёнткаў, за выключэннем трох, якія арганізаваны ў вёсках у асноўным з былых батракоў». На кожны калгас у Полацкай вобласці прыпадала ў сярэднім прыкладна 20 сялянскіх гаспадарак [14, арк. 72].
Падобная сітуацыя назіралася і ў іншых абласцях заходнебеларускага рэгіёна. Так, калгас «1-е Мая» Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці быў арганізаваны з 32 гаспадарак батракоў былых нямецкіх дзяржаўных маёнткаў. У гэтых гаспадарках налічвалася 40 працаздольных сялян [14, арк. 82–83].
Адноўленыя калгасы функцыянавалі ў складаным палітычным становішчы. У сувязі з гэтым старшыня вышэйназванага калгаса «1-е Мая» Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці, напрыклад, адзначаў: на адлегласці 500 метраў ад праўлення калгаса жылі «былыя асаднікі, пілсудчыкі, былыя кулакі», якія шляхам прапаганды наносілі вялікую шкоду калгаснай і савецкай справе [14, арк. 82–83]. 12–18 лютага 1945 г. адбыўся VI Пленум ЦК КП(б)Б. У дакладзе першага сакратара ЦК КП(б)Б П. К. Панамарэнкі гаварылася, што нямецкія захопнікі «ліквідавалі дасягненні савецкага сялянства заходніх абласцей у зямельным пытанні. Яны вярнулі кулакам усю зямлю. Захопнікі арганізавалі 1192 нямецкія каланізатарскія гаспадаркі і беззямельных беднякоў і батракоў ператварылі ў рабоў нямецкіх памешчыкаў». У сувязі з гэтым перад органамі ўлады заходніх абласцей была пастаўлена задача па вяртанні батракам, беднякам і сярэднякам той зямлі, якая знаходзілася ва ўласнасці «нямецкіх ваенна-прыгонніцкіх гаспадарак». Адначасова Пленум прыняў рашэнне: «…там, дзе сяляне зразумелі перавагі калгаснага ладу і жадаюць аб’яднацца ў калгасы, аказаць ім у гэтым неабходную дапамогу» [15, с. 48–54].
Для арганізацыі калгасаў патрэбны былі немалыя рэсурсы: рабочая і прадукцыйная жывёла, птушка, насенне, сельскагаспадарчы інвентар, памяшканні, тэхніка, спецыялісты. Гэтых рэсурсаў у мясцовага насельніцтва амаль не было. Напрыклад, у пачатку 1945 г. у Гродзенскай вобласці налічвалася 55 тыс. сялянскіх гаспадарак, якія не мелі коней, у Брэсцкай вобласці – 45 тыс., а ўсяго на 1 верасня 1946 г. у заходніх абласцях налічвалася 270 тыс. сялянскіх гаспадарак, якія не мелі коней. [14, арк. 50, 55, 102]. Па сведчанні першага сакратара Гродзенскага абкама КП(б)Б А. П. Эльмана, вясной 1945 г. вобласць мела магчымасць дапамагчы бядняцкім гаспадаркам збожжавым насеннем толькі за кошт таго, што «ў былых нямецкіх маёнтках засталіся зернявыя фонды». Таму мясцовыя ўлады рэкамендавалі «весці арганізацыю калгасаў з беднаты і сярэднякоў у першую чаргу там, дзе ёсць сваё насенне, коні і г. д.» [14, арк. 32, 42].
Палітычная і гаспадарчая сітуацыя ў заходніх абласцях Беларусі ўскладнялася тым, што тут базіраваліся антысавецкія дыверсійна-тэрарыстычныя арганізацыі. Так, у Юрацішкаўскім раёне з 1 мая па 15 чэрвеня 1945 г. анты-савецкімі тэрарыстычна-дыверсійнымі фарміраваннямі былі забіты 16 чалавек (2 з іх былі раённымі работнікамі, а 14 – вясковым актывам), спалены два будынкі сельскіх Саветаў, адзін лесаўчастак, разрабавана вясковая крама [16, арк. 132]. У Астравецкім раёне ў снежні 1945 г. было здзейснена 11 тэрары-стычных актаў, у выніку чаго былі забіты і паранены 8 чалавек раённых і сельскіх кіраўнікоў [15, с. 104].
Улічваючы ўсе фактары, улады заходнебеларускага рэгіёна спачатку засяродзілі ўвагу на аднаўленні савецкай сістэмы землекарыстання. Гэтая работа праводзілася ў адпаведнасці з пастановай ЦК КП(б)Б і СНК БССР «Аб устанаўленні гранічных нормаў землекарыстання на адзін сялянскі двор і надзяленні зямлёй беззямельных і малазямельных сялянскіх гаспадарак», якая была прынята 21 лістапада 1944 г. [14, арк. 37]. Працэс аднаўлення гэтай сістэмы адбываўся на класавай аснове: нямецкія дзяржаўныя маёнткі былі поўнасцю ліквідаваны. Па падліках С. Л. Казловай, акупантамі было створана 1505 такіх маёнткаў [5, с. 199]. Па звестках Міністэрства землекарыстання БССР, на акупіраванай тэрыторыі рэспублікі было створана 1649 такіх маёнткаў [14, арк. 3]. Напрыклад, у Жабінкаўскім раёне акупанты стварылі 30 «ваенна-прыгонніцкіх гаспадарак», у Васілішкаўскім – 27, Зэльвенскім – 21, Ляхавіцкім – 6 [17, арк. 24, 25, 57, 83, 91]. Відавочна адно: тэта праблема патрабуе дадатковага высвятлення.
Адначасова ішло пераразмеркаванне зямельнага фонду, які знаходзіўся ва ўласнасці заможных сялян – так званых кулакоў. Тэта работа распачалася вясной – летам 1945 г. [14, арк. 27]. Па звестках Наркамата землекарыстання БССР, да снежня 1945 г. 98 500 сялянскіх гаспадарак атрымалі зямлю і тым самым «было ліквідавана беззямелле сярод сялян заходніх абласцей» [14, арк. 3]. Мясцовыя ўлады былі зацікаўлены ў хутчэйшай ліквідацыі сялянскага мала-зямелля. Тым больш, што зямельных рэзерваў у дзяржавы хапала. На тэты час свабодны дзяржаўны зямельны фонд у заходніх абласцях БССР складаў каля 2 млн га [14, арк. 7]. Між тым сяляне-беднякі, не маючы коней, валоў і пасяўнога зерня, нярэдка адмаўляліся ад дадатковай зямлі. Дзеля таго, каб дапамагчы ў апрацоўцы зямлі калгасам, беднякам і гаспадаркам, якія не мелі рабочай жывёлы, улады прыступілі да арганізацыі машынна-трактарных (машынна-конных у іх складзе) станцый. Такія станцыі – па адной на раён – ствараліся ва ўсіх заходніх абласцях [15, с. 53].
Калі падвесці вынікі пачатковага аднаўленчага перыяду ў сельскай гаспадарцы БССР, які адбываўся ў 1943–1945 гг., трэба адзначыць, што ў тэты час дзяржавай з руін і пажарышчаў у першую чаргу аднаўлялася вытворчая база саўгасаў і калгасаў усходніх абласцей рэспублікі. Аднак аднаўленчы працэс праходзіў вельмі марудна. У канцы 1945 г. пасяўныя плошчы ў Беларусі складалі толькі 73,8 % ад узроўню 1940 г., пагалоўе буйной рагатай жывёлы – 56,6, коней – 56,3, свіней – 29,4, авечак і коз – 34 %. Ураджайнасць збожжавых у мінімальнай ступені перавышала ўзровень прыроднай (біялагічнай) урадлівасці глебы і складала па ўсіх катэгорыях гаспадарак каля 8 ц/га (у калгасах -7,7 цэнтнера з гектара). Гэтыя факты сведчаць, што сельская гаспадарка БССР пасля вызвалення рэспублікі ад нацысцкіх акупантаў як па аб’ектыўных, так і суб’ектыўных прычынах апынулася ў стане цяжкага крызісу.
Крыніцы і літаратура
1. Народное хозяйство Белорусской ССР за 40 лет / Госплан БССР; под ред. С. Н. Малинина-Минск, 1957.
2. Национальный архив Республики Беларусь (далее – НАРБ). – Фонд 4п. – Воп. 46. – Спр. 234: Справка «О совхозах» Наркомата Совхозов Белорусской СССР по состоянию на 1 октября 1944 года.
3. Шестая сессия Верховного Совета БССР. 21–24 марта 1944 г.: стенограф, отчет – Минск, 1946.
4. Нарыс гісторыі беларускай дзяржаўнасці: XX стагоддзе/М. П. Касцюк [і інш.]; рэдкал.: А. А. Каваленя [і інш.]; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. – Мінск, 2008.
5. Беларусь. 1941–1945: подвиг. Трагедия. Память: в 2 кн. – Кн. 2 / Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории; редкол.: А. А. Коваленя (пред.) [и др.]. – Минск, 2010.
6. НАРБ. – Фонд 4п. – Воп. 46. – Спр. 56: Докладная записка заведующему сельхозотделом ЦК КП(б)Б тов. Тишкову С. И. инструктора сельхозотдела Гарусина «О проверке хода сева озимых по Гомельской области», 4 сентября 1944 года.
7. НАРБ. – Фонд 4п. – Воп. 46 – Спр. 51: Справка заместителя заведующего сельхозотделом ЦК КП(б)Б П. П. Ковальчука «О состоянии животноводства в районах, освобожденных от немецких захватчиков».
8. НАРБ. – Фонд 4п. – Воп. 46. – Спр. 65: Справка о выполнении Наркоматом Совхозов БССР Постановления СНК БССР и ЦК КП(б)Белоруссии от 29 марта 1944 года «О восстановлении совхозов Наркомсовхозов в Гомельской, Могилевской, Полесской и Витебской областях».
9. НАРБ. – Фонд 4п. – Воп. 46. – Спр. 51: Справка инструктора сельхозотдела ЦК КП(б)Б Лазовского «О ходе реэвакуации скота из восточных областей, 10 июля 1944 года».
10. Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. – Т. 4: 1945–1955 / Ин-т истории ЦК КПБ; редкол.: Г. Г. Бартошевич (пред.) [и др.]. – Минск, 1986.
11. Псторыя Беларуси у 6 т. – Т. 6: Беларусь у 1946–2009 гг. / Л. Лыч [і інш.]; рэдкал.: М. Касцюк (тал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 2011.
12. НАРБ. – Фонд 4п. – Воп. 46. – Спр. 31: Заявление Железняк Лукерьи Ивановны тов. Сталину.
13. НАРБ. – Фонд 4п. – Воп. 46. – Спр. 160: Данные в ЦК КП(б)Б о землепользовании по состоянию на 1 апреля 1945 года по Осиповичскому, Круглянскому, Старобинскому, Мстиславскому, Петриковскому районам.
14. НАРБ. – Фонд 4п. – Воп. 46. – Спр. 233: Стенограмма совещания партийных, советских и земельных работников Западных областей Белорусской ССР по вопросам землепользования, 27–28 декабря 1946 года.
15. «Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларуси..» Верасень 1939 г. – 1956 г.: дакументы і матэрыялы: у 2 кн. – Кн. 2: Ліпень 1944 г. – 1956 г. / склад.: У.І. Адамушка [і інш.]. – Мінск, 2009.
16. НАРБ. – Фонд 4п. – Воп. 46. – Спр. 159: Докладная записка в ЦК КП(б)Б от секретаря Юратишковского РК КПБ Кузнецова от 15 июня 1945 года.
17. НАРБ. – Фонд 4п. – Воп. 46. – Спр. 159: Данные в ЦК КП(б)Б о землепользовании по состоянию на 1 апреля 1945 года по Жабинковскому, Василишковскому, Зельвенскому, Ляховичскому районам.
Более 800 000 книг и аудиокниг! 📚
Получи 2 месяца Литрес Подписки в подарок и наслаждайся неограниченным чтением
ПОЛУЧИТЬ ПОДАРОК