Ваенная тэма ў творчасці Івана Шамякша
А. І. Шамякіна (Мінск)
Вялікую Айчынную вайну Іван Шамякін сустрэў на Поўначы, пад Мурманском, дзе праходзіў вайсковую службу ў зенітна-артылерыйскім дывізіёне. У гады вайны пісаў апавяданні і нарысы для армейскай газеты, якія, на жаль, да нашага часу не захаваліся. Таму цяжка сказаць, на якія тэмы былі напісаны гэтыя творы. Болын сур’ёзна I. Шамякін стаў займацца літаратурнай творчас-цю ў 1944 г., пачаўшы пісаць на старонках руска-фінскага слоўніка апавяданне «У снежнай пустыні». I ўжо з яго ў творчасць пісьменніка ўвайшла тэма вайны, якая паслядоўна перайшла ў такія творы, як «Выпрабаванне пачуццяў», «Бацька», «Браты», «Помета», «Глыбокая плынь», «Трывожнае шчасце», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Шлюбная ноч», «Гандлярка і паэт», «Вазьму твой боль», «Зеніт» і інш.
У дзённіках «Роздум на апошнім перагоне» I. Шамякін зазначыў наступнае: «Першы свой твор пра вайну «Глыбокая плынь» я напісаў роўна праз тры гады пасля нашай перамогі над фашыецкай Германіяй. Сказаць, што я пісаў гістарычны раман, нельга было, праз тры гады тэта была самая што ні ёсць найсучаснейшая тэма. Тэма, якая хвалявала ўвесь народ, кожнага чытача.
Пазней жа, калі ўжоў сталым узросце – праз дваццаць, праз трыццаць гадоў пасля вайны – я звяртаўся да гэтай тэмы, то ўзнімаў яе парознаму. I непасрэдна пісаў пра вайну, як аповесці «Гандлярка і паэт» і «Шлюбная ноч». I рэтраспектыўна, калі лес герояў цягнуўся з вайны, адтуль пачыналіся сюжэтныя калізіі – так, у прыватнасці, пабудаваны раманы «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Вазьму твой боль». Дарэчы, што датычыцца «Сэрца на далоні» і асабліва «Снежных зім», то там гісторыя прысутнічае яўна. Многія ўдзельнікі партызанскага руху на Беларусі пазналі прататыпаў, пазналі тыя падзеі, якія леглі ў аснову калізій, у аснову сюжэтаў гэтых раманаў» [3, с. 9].
Трэба адзначыць, што партызанская тэма прысутнічае ў большасці шамякінскіх твораў: у «Глыбокай плыні», «Снежных зімах», «Вазьму твой боль», а таксама і ў некаторых апавяданнях. У аповесцях «Гандлярка і паэт», «Шлюбная ноч», рамане «Сэрца на далоні» адбыўся як бы сінтэз двух напрамкаў – ад-люстравання партызанскага руху і барацьбы падпольшчыкаў Сам I. Шамякін, як ужо адзначалася, ваяваў на Поўначы, непасрэдна не ведаў партызанскага руху і жыцця на акупаванай тэрыторыі. Але, вярнуўшыся з фронту і пачаўшы работу настаўнікам у вясковай школе, пісьменнік апынуўся сярод былых партызан, якія шмат расказвалі пра сваю барацьбу.
Вось як у навеле «Сюжэты» з цыкла «Начныя ўспаміны» I. Шамякін напісаў пра задуму рамана «Глыбокая плынь» і яе рэалізацыю: «Безумоўна, «Глыбокая плынь» зарадзілася з тэмы – напісаць аб партызанах. Але адной тэмы мала. Трэба характар чалавека, жыццё яго, радасці і беды, яны рухаюць сюжэт. З’явілася Таццяна Маеўская, яе зварот дадому, у сям’ю. Уратаванне яўрэйскага дзіцяці. 3 яе прыходу завязваецца першы сюжэтны вузел. Не таю, што далей, у атрадзе, іншыя характары засланяюць гераіню – Жэнька Лубян, Лясніцкі, хоць апошні напісаны для пэўнай ідэйнай функцыі. Але без гарачага стаўлення аўтара да ўсяго маштабу падзей, што сталі прадметам апісання, твор будзе сляпы, як той нябога-інвалід, які мацае зямлю, па якой ідзе, кіем – што там: груд, яма, камень. У добра арганізаваным творы не можа быць цёмных месц. А хто нарадзіў Таццяну? Мая жонка Маша. Яна, дваццацігадовая фельчарыца, праз месяц пасля пачатку вайны ішла з двухтыднёвай дачкой ад Краснаполля рэчыцкага да роднай Церухі трыццаць кіламетраў у пустэльным балотным міжрэччы Дняпра і Сожа. Але не было б рамана без аўтарскай фантазіі. Яна нібыта нязначная – дзіця чужое, але які вузел завязвае.
Малады нявопытны пісьменнік, якога армія, вайна на пяць гадоў адарвалі ад роднай моўнай стыхіі і якому шмат якія партызанскія рэаліі адкрылі былыя партызаны, сачыніў для таго часу нядрэнны раман, і тады ацэнены высока (Сталінская прэмія), і праз амаль шэсць дзясяткаў гадоў мне не сорамна пачынаць збор твораў «Глыбокай плынню».
Не магу не адзначыць, што добрым памочнікам у пакуль што таемнай для мяне працы быў Іван Сяргеевіч Бібікаў, старшыня Пракопаўскага сельсавета, былы партызан з трагічнай біяграфіяй – немцы і паліцыі па-зверску забілі ўсю яго сям’ю – траіх дзяцей, жонку, цешчу» [2, с. 450–451].
I калі задума рамана «Глыбокая плынь» узнікла адразу, то сюжэт аповесці «Гандлярка і паэт» пісьменнік выношваў многія гады. У той жа навеле «Сюжэты» знаходзім наступнае: «Ды, можа, трыццаць гадоў жыў вобраз жанчыны, пра якую я пісаў, з якой пазнаёміўся на Лагойскім тракце. Вольта (і ў жыцці Вольта) была пляменніцай нашай гаспадыні. У выхадныя, у святы Вольта з дачкой-вучаніцай наведвала цётку…
Гаспадыня з гонарам паведаміла, што Вольта – падпольшчыца. Але ад самой весялухі я не выцягнуў нічога такога, што магло стаць сюжэтам хоць бы аповесці.
А потым я убачыў яе на Камароўскім рынку, яна бойка гандлявала гароднінай. Тэта мяне расчаравала: падпольшчыца – гандлярка!.. Як мы тады глядзелі на гандляроў! (У навеле «Сябры» я пісаў, як мае «прагрэсіўныя» сябры паставіліся да аповесці: гераіня – гандлярка, жах! «Дапісаўся партыйны аўтар да ручкі»).
А гады праз два, калі я ўжо меў кватэру ў цэнтры і забыўся на былых гаспадароў, аднойчы адвячоркам сустрэў Вольту на вуліцы з партфельчыкам. Павіталіся бадай узрадавана.
– Куды вы?
– У школу.
– Бацькоўскі сход?
– Не. Я вучуся ў вячэрняй школе, ужо ў дзясятым…
Падпольшчыца, гандлярка, вучаніца… Вобраз! I доўга-доўга ён жыў, доўга прасіўся галоўнай гераіняй у раман. Была ў сюжэце «Сэрца на далоні». Але з’явілася пакутніца Зося Савіч. У «Снежных зімах» ёй месца не было: там не падполле – партызаны. I раптам… Сяджу ў Саюзе пісьменнікаў. Кірую. Заходзіць жанчына, незнаёмая. Расказвае сумную гісторыю. У пачатку вайны ў лагеры ў Драздах яе сястра выкупіла палоннага раненага чырвонаармейца. Такіх немцы прадавалі міласэрным жанчынам. Гады два хлопец жыў у яе, ірваўся ў бой, пісаў вершы. Памёр. А сшытачак застаўся. I жанчына вырашыла прынесці яго нам, у Саюз пісьменнікаў, можа, надрукуем.
Вершы былі пачаткоўскія, хоць глыбока патрыятычныя, гнеўна антыфашысцкія. Але не ўчынак жанчыны – столькі берагла сшытак! – не вершы мяне ўразілі. Адразу, уміг, як бліскавіцай, высвеціўся сюжэт з Вольгай: во што яна робіць – выкупляе палоннага, паэта. Яго пакахала, з ім уключылася ў барацьбу. За ім ідзе на смерць.
Так з’явілася «Гандлярка і паэт» [2, с. 466–467].
У 1977 г. аповесць «Гандлярка і паэт» была вы л у чана на Дзяржаўную прэмію СССР. Але прэмія не была прысуджана з-за інтрыг А. Асіпенкі, Н. Пашкевіча, У. Юрэвіча: гэтыя літдзеячы на пасяджэнні Савета па беларускай літаратуры Саюза пісьменнікаў СССР у Маскве выступілі супраць. Так, У. Юрэвіч вельмі растрывожыўся, што I. Шамякін забыўся на прынцып гістарызму: Вольга Ляновіч – дачка патомнага рабочага, і на працягу дзесяцігоддзяў жыцця ва ўмовах сацыялістычнага грамадства ў яе не павінна было застацца ні граму прадпрымальніцкай жылкі. Аргумент: Вольга сама працуе ў вагонным дэпо, скончыла восем класаў школы. Ну ніяк не можа яна гандляваць на Камароўцы! У савецкай школе гандляваць не вучылі! Нават векавы жаночы боль за тых, хто пакутуе (маецца на ўвазе выкуп з плена Алеся Гапанюка), крытык змог павярнуць ў цынічнае русла: «Гэта хутка прынаравіўшаяся да акупацыйнага рэжыму жанчына, свая сярод паліцаяў, сумавала не па мужу, а па мужчыне». А Н. Пашкевіч даказваў усім прысутным, што не было ніякіх рабаўніцтваў крамаў і складоў у першыя дні бамбёжкі Мінска: «Людзі акуратна стаялі ў чэргах у чаканні хлеба на чале з міліцыянерам». Аргумент Н. Пашкевіч прывёў таксама жалезны: ён тры разы быў у акупаваным горадзе і нічога такога не бачыў Але ж I. Шамякін таксама нічога не выдумваў у сваёй аповесці: ён абапіраўся на ўспаміны, аповеды тых людзей, якія жылі ў акупаваным Мінску з першага дня акупацыі і да вызвалення, а не былі тры разы ў акупаваным горадзе. Пацверджанне гэтаму можна знайсці ў кнізе гісторыка I. Ю. Варанковай «Двадцать второго июня, ровно в четыре часа…», дзе адзначана наступнае: «Примечательно, что неприглядные факты беспорядков в Минске в этот период безвластия впервые были обнародованы не историками, а народным писателем Беларуси И. П. Шамякиным в его повести «Торговка и поэт», изданной в 1976 г.» [1, с. 204].
Гэтак жа доўга выношвалася пісьменнікам і задума рамана «Зеніт», прысвечанага складанай праблеме – дзяўчаты на вайне, у прыватнасці, як ваявалі дзяўчаты ў зенітна-артылерыйскіх часцях. Зноў-такі спашлемся на навелу «Сюжэты»: «Зеніт» – раман аб лёсе няшчасных салдат у спадніцах – напісаўся ажно праз 40 гадоў, у другой палове 1980-х. Вунь колькі выношваў жыццё зенітчыц! У некаторых дэталях я паўтараў «Агонь і снег». Але на іншым узроўні, вышэйшым, з большым напружаннем, з новымі героямі, значна пашыраным іх складам. Я, аўтар, задаволены гэтым раманам» [2, с. 455].
Такім чынам, з упэўненасцю можна сцвярджаць, што вайна ў творах I. Шамякіна адлюстравана з розных бакоў: партызанскі рух («Глыбокая плынь», «Снежныя зімы», «Вазьму твой боль», «Браты»), барацьба падполынчыкаў («Сэрца на далоні», «Шлюбная ноч», «Гандлярка і паэт»), ваенныя дзеянні непасрэдна на перадавой («Выпрабаванне пачуццяў», «Бацька», «У снежнай пустыні», «Помета», «Трывожнае шчасце», «Зеніт»), жыццё на акупаванай тэрыторыі («Трывожнае шчасце», дзённікі «Роздум на апошнім перагоне»).
Крыніцы і літаратура
1. Воронкова, И. Ю. «Двадцать второе июня, ровно в четыре часа…»: Минск и минчане в первые дни Великой Отечественной войны. – Минск, 2011.
2. Шамякін, I. 36. тв.: у 8 т. – T. 8. – Мінск, 2007.
3. Шамякін, I. Роздум на апошнім перагоне /1. Шамякін. – Мінск, 1998.
Более 800 000 книг и аудиокниг! 📚
Получи 2 месяца Литрес Подписки в подарок и наслаждайся неограниченным чтением
ПОЛУЧИТЬ ПОДАРОК