Канцэпты памяціi абавязку ў ваеннай лірыцы Аркадзя Куляшова
І. М. Шаладонаў (Мінск)
Вайна як праява зла і пакуль вечная спадарожніца чалавецтва існуе і функцыянуе ў свеце найперш таму, што ў грамадстве не стае сіл духу. Ва ўсіх сваіх праяўленнях яна ёсць параджэнне анігіляцыі, разарванасці чалавечых узаемасувязей, непамернага працэсу аб’ектывацыі ў стасунках паміж людзьмі. Ваяваць па-сапраўднаму магчыма толькі з аб’ектам, з тым, каго ты лічыш намнога ніжэйшым за сябе, істотай нікчэмнай, з якой мець узаемаадносіны не мае сэнсу. Вайна – тэта машына самазнішчэння як прайграўшых, так і пераможцаў
Усё XX стагоддзе, як і наша сучасная рэчаіснасць, з’яўляецца выразным пацверджаннем гэтай трагічнай дадзенасці. Сублімацыя духу ў сацыяльным і грамадскім развіцціз’ява вельмі складаная і цяжка ўлоўная. Сучасны прагрэс цывілізацыйных сіл не можа нам прадставіць аптымістычных прагнозаў у поглядзе на духоўнае і маральнае ўдасканаленне людзей, грамадскіх супольнасцей. Вайна паранейшаму застаецца амаль галоўным сродкам уладкавання тых ці іншых палітычных, нацыянальных, эканамічных і канфесіянальных канфліктаў, якія ўзнікаюць у той ці іншай «гарачай кропцы» свету.
Татальная пранізанасць чалавечай натуры і гісторыі энергетыкай барацьбы, эгаістычнай канкурэнцыі, культам сілы, уладай грошай выразна паказвае на тое, што людзі і зараз застаюцца ў асноўным раўнадушнымі да заваёў сіл духу, культуры, гуманізму і найбольш схільны давяраць толькі моцы духу сілы. Гэта, праўда, зусім не адмяняе таго, што і ў такія цяжкія моманты гісторыі, як вайна, рэвалюцыя, крызіс, людзі імкнуцца зрабіць прарывы ў царства свабоды, ісціны і праўды, сцвердзіць сябе сапраўднымі падзвіжнікамі свайго высокага боскага прызначэння на зямлі.
Узняць свой голас у абарону сапраўднага боскага вобраза чалавека ў драматычныя моманты ваеннага ліхалецця памайстэрску змагла і беларуская мастацкая літаратура ў асобе сваіх таленавітых паэтаў і пісьменнікаў. Менавіта выразнае імкненне многіх майстроў слова ўбачыць у тым ці іншым чалавеку не столькі пылінку гісторыі, а яе суб’екта, асобу, надзеленую патэнцыяльнай магчымасцю перастварыць тэты недасканалы свет, уладкаваць яго па лекалах любові, спагады, дабра і прыгажосці дазваляла шмат у чым прыцішаць драбільны ход кола гісторыі.
Літаратура ў асобе сваіх лепшых прадстаўнікоў, у сваім духоўным напаўненні заўсёды бачыла сваю задачу заступіцца за самую трагічную іпастась калатнечага, бесчалавечнага часу – простата чалавека, чыім лёсам і жыццём так любілі і любяць распараджацца ўсе вялікія свету гэтага, ператвараючы божую яго сутнасць у простую механістычную адзінку забойства і самазабойства, нізводзячы яго да істоты хаатызаванай, раз’яднанай, пазбаўленай свайго ўнутранага компасу быцця.
Вельмі яскравы, душэўна-шчымлівы і разам з тым тыповы вобраз ахвяры вайны паказаны ў вершы А. Твардоўскага «Две строчки» (1940).
Из записной потертой книжки
Две строчки о бойце парнишке,
Что был в сороковом году
Убит в Финляндии на льду.
Лежало как-то неумело
По-детски маленькое тело.
Шинель ко льду мороз прижал,
Далеко шапка отлетела.
Казалось, мальчик не лежал,
А все еще бегом бежал,
Да лед за полу придержал…
Среди большой войны жестокой,
С чего – ума не приложу, —
Мне жалко той судьбы далекой…
Как будто мертвый, одинокий,
Как будто это я лежу,
Примерзший, маленький, убитый
На той войне незнаменитой,
Забитый, маленький, лежу.
[1, с. 118]
Як выразна бачна з прыведзенага ўрыўка, вайна страшэнна прыніжае чалавечую сутнасць індывіда, ствараючы татальны прымат калектыўнай волі над індывідуальнай, нізводзячы яго да паслухмянага выканаўцы чужой, найчасцей ананімнай волі, якая не хоча бачыць у ім вянца прыроды, важнейшую праекцыю ў імкненні да духоўна-абсалютнага.
Цяжкасць вырашэння праблемы вайны ў першую чаргу звязана з яе амбівалентным характарам праяўлення. Будучи сама па сабе выразнай праявай разнузданасці разбуральных негатыўных сіл чалавечай праяўленасці, вайна не заўсёды можа быць самым вялікім злом свету, асабліва калі яна імкнецца вызваліць чалавецтва ад самага вялікага зла, татальнага зла чалавеканя-навісці.
Тады ў нетрах самой вайны могуць актыўна праяўляць сябе самыя высокія духоўна-маральныя сілы. Такія, як гераізм, вера ў чалавека, шчырае сяброўства, патрыятызм, любоў і спагада не толькі да блізкага, але і да ворага, дзе ў людзях прачынаецца вызначальны каштоўнасны механізм бачыць у іншых сабе падобнага.
Незнішчальную пакуль жывучасць перманентнай праяўленасці вайны як вызначальнага фактару гісторыі трэба бачыць яшчэ і ў тым, што яна мае выразны акцэнт да вяртання праз пакаленні, калі забываюцца яе папярэднія разбуральныя дзеянні і негатыўныя ўрокі. I калі напамін і ўспамін пра яе набывае саладжавы смак рамантызацыі, гераізацыі і прыхарошвання.
Менавіта тады народна-псіхалагічны рэфлекс на двухадзіную працу памяці і забыцця пачынае даваць выразны збой на карысць забыцця страшэнных вынікаў вайны, калі памяць пачынаюць выкарыстоўваць толькі ў чыста прапагандысцка-ідэалагічных і выбарачна-карыслівых мэтах.
Вельмі добра пра гэта выказаўся аднойчы паэт Б. Акуджава: «Братцы, все вернется вновь, // Новые родятся камандиры, // Новые солдаты будут получать // Вечные казенные квартиры».
Канцэпты як духоўна-маральныя фокусы ментальнага жыцця і мыслення нацьй маюць у мастацкім выражэнні спадчыны таго ці іншага геніяльнага аўтара выключную ідэйна-каштоўнасную значнасць, каб раскрыць сапраўдную вартасную сутнасць яго творчасці.
Вось чаму наш зварот да канцэптаў «памяці» і «абавязку» набывае такую асаблівую значнасць пры звароце да ваеннай лірыкі народнага паэта Беларусі А. Куляшова, стогадовы юбілей якога мы святкуем сёлета.
Творчасць А. Куляшова з’явілася адной з тых мастацка-духоўных галаграм народнага жыцця, якая захавала ва ўсёй сваёй паўнаце шматстайны спектр чалавечых адносін беларуса са светам у трагічна-драматычны перыяд яго існавання ў XX стагоддзі – гады Вялікай Айчыннай вайны. А. Куляшову давялося быць непасрэдным удзельнікам гэтай чалавечай драмы жыцця, якую ён змог адлюстраваць у сваёй паэзіі ва ўсёй паэтычнай паўнаце.
А. Куляшоў у сваёй творчай рэалізацыі паспяхова выкарыстоўвае сваю выключную здольнасць бачыць свет у кантынуумным адзінстве рэчаў матэрыяльна-прасторавага і маральна-духоўнага напаўнення, амаль візіянерскі адчуваць суладнасць і гарманічнасць быцця і жыцця ў тэты драматычна-трагічны перыяд жыцця краіны.
Надаючы асаблівую ролю прасторава-вобразнай сістэме сімвалізацыі ў раскрыцці галоўнай ідэі твора пры паказе экстрэмальнага трагічнага часу вайны, Аркадзь Куляшоў стварае драматычны малюнак эпізоду гібелі Мікіты Ворчыка. Мікіта, даведаўшыся аб трагічнай смерці жонкі, становіцца зусім зламаным, бязвольным чалавекам.
У той жа час ваенная лірыка паэта яскрава выявіла своеасаблівае светаўспрыманне ім лірычнага героя, якое фарміруецца ва ўмовах памежнай няўстойлівасці і нявызначанасці жыцця, так званым часе метамарфознасці. Калі прыходзілася шмат у чым спадзявацца на тое, што закладзеныя ў глыбіні народнай памяці праявы патрыятызму, адказнасці за свой грамадзянскі і чалавечы абавязак у большасці людзей павінны і вымушаны былі спрацоўваць амаль на аўтаматычным, падсвядомым рэжыме. На гэтыя свядомыя і падсвядомыя рэцэптары людской псіхалогіі памяці абвострана і арыентавалася ваенная творчасць А. Куляшова.
Канцэпт «памяці» ў яго вершах найчасцей выступае тым духоўным цэнтрам, які кандэнсуе ў сабе глыбінныя энергетычныя сілы чалавека, надае ім высокую шкалу каштоўнаснай рэалізацыі. Толькі ўнутранай, крэпка знітаванай з роднымі каранямі мінулага духоўнай працы памяці пад сілу найбольш дакладны і маральна апраўданы выбар мэты і сродку дзеяння, толькі ёй дадзены часавы зазор погляду ў мінулае, для таго каб «расцягнуць» яго, упусціць у тэмпаральны працэс сучаснасці.
Менавіта памяць і задае вышыню той асноўнай маральнай планцы ў выбары дзеянняў чалавека. Таму наша паяднанне ў адзіны мастацка-псіхалагічны комплекс канцэптаў «памяці» і «абавязку» ўтрымлівае пад сабой яшчэ і задачу раскрыцця творчага механізму перадачы ідэйна-пафаснай скіраванасці ваеннай лірыкі А. Куляшова як найбольш выразнай адзнакі яго паэзіі.
Так, у вершы «Паведамленне ТАСС», напісаным у 1941 г., паэт шчыра заяўляе, што калі з цягам часу яго лірычны герой прыедзе ў родны кут і знойдзе ў бацькавай хаце старую газету, дзе прачытае: «Паведамленне ТАСС», то адразу – «I ўспомню ўсё, чым жыў на свеце, //1 ўсё, што хвалявала нас» [2, с. 36].
Шчырае жаданне лірычнага героя верша, акрыленага новымі жыццёвымі павевамі і турботамі, захаваць у сваёй памяці кожную важную старонку жыцця народа як асабісты маральна-духоўны клопат падкупляе сваім грамадзянскім і чалавечым духоўным аптымізмам, прыдае ўпэўненасць паверыць у яго сапраўднае перажыванне за свой край і Радзіму.
У фінальным слупку верша выразна абазначана вялікая роля, якая адведзена менавіта чалавечай памяці як асноўнаму носьбіту духоўнасці ў чалавеку:
Захочацца з юнацкай далі
Яшчэ раз навіну пачуць,
А там,
Як класікі пісалі,
Навек забыцца і заснуць.
[2, с. 36]
«Забыцца і заснуць» тут зусім не азначае выпасці з народнага жыцця, а хутчэй наадварот. Сон у дадзеным выпадку мае пад сабой выразнае азначэнне аб пераходзе жыццёвай біяграфіі героя ў актыўную фазу падсвядомага народнага жыцця, бо сон тут не столькі пасіўная, а, наадварот, вельмі актыўная духоўная фаза ўнутранага адчування героя. I таму аўтар з вялікай павагай ставіцца да дасягнення сусветнай класічнай літаратуры, беручы яе ў свае сведкі і дарадцы, таму што мастацкая класіка заўсёды бачыла ў чалавеку несмяротную яго сутнасць – боскую душу.
У сваім знакамітым вершы «Балада аб чатырох заложніках» А. Куляшоў, засноўваючыся на рэальным факце вайны, вельмі абвострана ставіць пытанне аб абавязку чалавека. Камандзіру партызанскага атрада бацьку Мінаю карнікі-фашысты прапануюць зрабіць выбар: ці здацца і скарыцца ім на міласць, ці стаць віноўнікам, як яны лічаць, смерці чатырох блізкіх людзей – сястры і трох яго родных дзяцей, якіх захопнікі ўзялі ў заложнікі.
У сюжэтнай канве балады паэт выразна акцэнтуе ўвагу на тое, што, нягледзячы на сваю гаротную долю быць расстралянымі, заложнікі не хацелі б, каб бацька і брат скарыліся ворагу, бо старэйшыя з іх добра разумеюць, што фашысты іх ужо ніколі не выпусцяць са сваіх крывавых лап. I калі нават бацька прыйдзе і скарыцца ворагу, то не будзе затым каму адпомсціць забойцам, не толькі за іх смерць. I паэт вуснамі сястры Міная дакладна даводзіць тэту думку:
Спі, засні, – суцяшае кабета, —
Спі, сынок, не твая тэта справа.
Спі, наш татка не прыйдзе,
На тэта
Ён не мае бацькоўскага права
[2, с. 62]
Захопнікі, нелюдзі, якія лічаць апраўданым расстрэльваць малых дзяцей, не могуць дыктаваць законы маральнага права, нават любога права, таму барацьба і перамовы з імі не могуць весціся па нейкіх правілах. 3 імі трэба весьці барацьбу толькі да іх поўнага знішчэння:
Цэліць кат
У льняныя галовы,
Пачынае
3 сына Міная.
Стрэл.
Упаў хлапчук трохгадовы,
Кат ізноў пісталет узнімае.
[2, с. 62]
Не бачыць у дзіцячых «льняных галовах» боскіх анёлаў можа толькі самая антычалавечая сіла, сіла беспрасветнай цемры, з якой не можа быць ніякага прымірэння. Толькі фальшывы пацыфізм неяк спрабуе, нават сёння, апраўдваць зладзейства гэтых гнастычна-хтанічных сіл. Свой абавязак перад Радзімай і родным краем, а таксама сіламі святла і дабра бацька Мінай поўнасцю выканаў, хоць і з вялікім унутраным болем і незагойнай душэўнай ранай для сябе. Вось чаму прызывае А. Куляшоў:
Перад бацькам Мінаем
Станьце, ўсе бацькі, на калені!
[2, с. 62]
У ваенна-патрыятычным вершы-баладзе «Над брацкай магілай» (1942 г.) паэт складае гімн-рэквіем загінуўшым на рускай зямлі воінам-землякам, якія ў баі з ворагам «чэсна галовы злажылі». Рэфрэнам у творы праходзяць такія радкі, якія ў пачатку твора гучаць наступным чынам:
Мы без слёз іх хаваем,
Памятаем
Пра свой абавязак,
Нашы слёзы саромяцца
мужных вінтовак і касак.
[2, с. 64]
Менавіта феномен памяці найбольш дапамагае салдатам быць мужнымі і стойкімі ў найцяжэйшых умовах ваеннага змагання. Помніць – гэта значыць вечна тварыць унутры сваиго сэрца і розуму цяжкую маральную працу у адказнасці за адпаведнасць сваіх учынкаў высокаму званию чалавека.
Заканчваецца верш ужо больш жорсткім і пашыраным прызывам-зваротам змагацца з захопнікамі:
Мы сяброў засыпаем зямлёй —
Ленінградцы, татары, узбекі,
Мы клянёмся варожай крывёй
Напаіць беларускія рэкі.
Мы салют аддаём,
памятаючы свой абавязак,
I не плачам, бо слёзы
суровых саромяцца касак
[2, с. 64]
Ёсць у народа такое павер’е, што калі зямля змешваецца з вадой, то яна робіцца граззю, а калі яна злучаецца з крывёю сваіх сыноў, то становіцца Радзімай, святой зямлёй. У гэтых заключных радках балады выразна праяўляецца мудрасць народнага мыслення. Кроў варожых салдат не можа злучыцца з захопленай імі зямлёю, яна павінна быць змыта вадою нашых чыстых рэк. А кроў нашых воінаў, бо кроў заўсёды была сімвалам генетычнай памяці народа, павінна яшчэ болей натхніць абаронцаў Айчыны ў змаганні з лютым ворагам.
Вяршынным творам ваеннай лірыкі А. Куляшова, безумоўна, стала яго паэма «Сцяг брыгады», якая па праве лічыцца ўзорам беларускай героіка-патрыятычнай паэзіі савецкага прыгожага пісьменства.
Сам жанр паэмы ў выглядзе вядзення галоўным героем дзённіка, думаецца, абраны аўтарам дзеля рэалістычнага раскрыцця шмат у чым непадуладных лагічнаму тлумачэнню трагічных падзей пачатку ваеннай навалы. Тэта гаворыць аб тым, што А. Куляшову хацелася як мага дакладней і скрупулёзней ухапіць рэальны план драматызму наступіўшых перамен у жыцці асобнага чалавека і народа.
Мастацкая форма дзённіка дазваляла аўтару крыху спрасціць фармальную задачу разгортвання тэксту ў часе, але разам з тым надавала яшчэ большую вагу выяўленню прасторава-часавай панарамы падзей у іх сімвалічна-каштоўнасным і ідэалагічным аспекце.
Важнейшым арганізуючым тэмпаральным сімвалам-паняццем з’яўляецца ў паэме раскрыццё канстанты памяці, якая набольш выразна і сутнасна факусіруе і фарміруе падзейную і духоўную дынаміку паводзін герояў твора.
Так, галоўнаму герою паэмы Алесю Рыбку ў кукаванні зязюлі – «Дні міналі, мінулі, // Адкукавалі зязюлі», у стракатанні коніка – «Лічыць часу сухой траве, // Нібы конік, гадзіннік чуецца» [2, с. 93], у пошуме лесу – «Б’е гадзіннік. Прыгадваю я, // Што мы ў лесе, не дома» [2, с. 88] настой л іва чуецца кліч сэрца – ціканне гадзінніка. Памяць няўмольна патрабуе ад герояў выбару. Час як бы пачынае настойліва вывяраць і правяраць людзей на іх сапраўдную адпаведнасць сучаснаму стырнавому моманту.
Феномен памяці да сёння застаецца неразгаданай таямніцай прыроднай праявы, якой надзелены чалавек. Магчымасць чалавека ўтрымліваць у жыцці карціны і вобразы падзей і людзей, якіх ужо няма ў наяўнасці, застаецца асноўнай крыніцай чалавечага духоўнага дамінавання ў прыродна-жывёльным свеце.
Вось чаму галоўнай прычынай свайго служэння і адданасці доўгу, Радзіме, жонцы, родным дзецям для галоўнага героя паэмы Алеся Рыбкі становіцца карціна ўспаміну пра загінуўшых таварышаў, якая шмат разоў паўстае перад ім:
Бо чаму, як заплюшчыць ён вочы,
Стаяць, як жывыя,
Маладыя, суровыя,
Гарадскія, вясковыя
Дзецюкі – баявая сям’я?
[2, с. 68]
Сцяг? Хіба яго ўспомніць я мог,
Ачуняць ад страты?..
[2, с. 97]
Аўтар нават узмацняе фактар амнезіі ў героя, калі далей даводзіць нам:
Тэта праўда.
На сцяг зусім
Ён забыўся,
Чаго яшчэ болей?
Не прышлі б мы, ён бы аб ім
I не ўспомніў ніколі.
[2, с. 97]
Паэт зазначае, што скалечаныя, надламаныя душа і цела Ворчыка, які стаўся «чалавекам без веры», як бы павінны знікнуць з матэрыяльнай і быційнай прасторы свету, яна выцясняецца, ігнаруецца іншымі рэчамі навакольнага асяроддзя і часавым дыферэнцыялам. Містычна разумее тэта і Мікіта («сам сабе ён капае дол» [2, с. 98]).
Вобраз ямы паўстае ў мастацкім выяўленні аўтара праекцыяй негатыўнай вертыкальнай быційна-часавай прасторы на паніжэнне, таго, што не вытрымала логікі каштоўнасна-духоўнай вартасці гарызантальнай прасторы рэльнага жыцця і павінна выпасці, знікнуць з яе.
А. Куляшоў імкнуўся раскрыць у паэме думку, што ў пэўныя пагранічныя, метамарфозныя моманты гісторыі выключная, рашаючая роля ў змаганні з ворагам і захаванні народа належыць такому чалавеку-індывіду, які можа ўдзель-нічаць не толькі ў перастварэнні рэальнасці, але і ў стварэнні альтэрнатыўнай прасторы, у якой асаблівая ўвага будзе нададзена «субстанцыянальным людзям», людзям з абвостраным пачуццём духоўнай памяці і грамадзянскага абавязку і іх трансляцыяй у часе і прасторы. I менавіта вобраз «сцягу бригады» і стварае той агульны кантынуумна-каштоўнасны цэнтр прыцягнення для такіх людзей у паэме.
Літаратура
1. Твардовский, А. Стихотворения. Поэмы / А. Твардовский. – М., 1971.
2. Куляшоў, А. Вершы і паэмы / А. Куляшоў. – Мінск, 1966.
Более 800 000 книг и аудиокниг! 📚
Получи 2 месяца Литрес Подписки в подарок и наслаждайся неограниченным чтением
ПОЛУЧИТЬ ПОДАРОК