Падрыхтоўка i першыя крокi аднаўлення народнай гаспадаркі Беларусі (1942–1945 гг.)
М. Б. Несцяровіч (Мінск)
Мірнае жыццё ў СССР і БССР канчаткова наступіла толькі пасля разгрому Германіі і Японіі. Але вяртанне да мірных будняў было надзвычай цяжкім. Другая сусветная вайна нанесла значны ўрон эканоміцы многіх дзяржаў свету. Амаль на 70 % скарацілася прамысловая вытворчасць у Францыі, не менш чым на 66 % – у Германіі [1, с. 169, 210]. Выпуск прамысловай прадукцыі ў Японіі ў 1945 г. складаў толькі 28,5 % ад узроўню 1935–1937 гг. [2, с. 21]. Вялізнымі былі эканамічныя страты СССР, асабліва яго акупаваных тэрыторый. У 1945 г. прамысловасць вызваленых ад фашысцкай акупацыі раёнаў вырабляла толькі 30 % даваеннай прадукцыі [3, с. 18].
У Беларусі на пачатак 1946 г., калі ўжо некаторая частка прадпрыемстваў была часткова ці цалкам адноўлена, аб’ём прамысловай вытворчасці складаў толькі 20,4 % ад узроўню 1940 г. [4, арк. 3–4]. Нямецкія акупанты разбурылі пераважную большасць прамысловых прадпрыемстваў рэспублікі, знішчылі ці вывезлі ў Германію каля 90 % станочнага і тэхналагічнага абсталявання фабрык і заводаў [5, арк. 2]. На момант выгнання гітлераўцаў у Беларусі захавалася толькі 15 % даваенных прамысловых вытворчасцей [6, с. 471].
У цэлым матэрыяльны ўрон, нанесены рэспубліцы, Надзвычайнай дзяржаўнай камісіяй па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў ацэнены ў 75 млрд руб., что склала 35 дзяржаўных бюджэтаў БССР 1940 г. (па нашых падліках, у той час за гэтыя грошы можна было пабудаваць не менш за 50 добраўпарадкаваных гарадоў з насельніцтвам каля 50 тыс. чалавек у кожным) [7, с. 11]. У выніку вайны Беларусь страціла больш за палову свайго нацыянальнага багацця, у той час як у цэлым па СССР страты склалі каля 30 % нацыянальнага даходу [8, с. 11].
Надзвычай вялікімі былі і людскія страты. У гады вайны загінуў кожны трэці жыхар Беларусі (калі ў пачатку 1941 г. у рэспубліцы пражывалі 9,2 млн чалавек, то ў 1945 г. яе насельніцтва складала каля 6,264 млн чалавек) [9, с. 338]. У шэрагу месцаў страты былі яшчэ большымі. Напрыклад, у Палескай вобласці за гады вайны гарадское насельніцтва скарацілася на 71 %, у Віцебскай – на 73, у Гомельскай – на 82 % [10, арк. 15].
Арганізацыйная праца па аднаўленні народнай гаспадаркі Беларускай ССР пачалася яшчэ да вызвалення рэспублікі. Паколькі ўжо ў пачатку 1942 г. нямецкія войскі пад ударамі Чырвонай Арміі пачалі адступленне і стала магчымым вызваленне тэрыторыі Беларусі ў бліжэйшы час, урад рэспублікі, які знаходзіўся ў Маскве, стаў рыхтаваць кадры для дзяржаўных устаноў, у тым ліку і для гаспадарчых органаў. У лютым 1942 г. ён пачаў аднаўляць дзейнасць рэспубліканскіх наркаматаў, частка работнікаў якіх пасля эвакуацыі з Беларусі перайшлі на працу ў апарат адпаведных наркаматаў Саюза ССР.
Гэтых работнікаў вярталі і яны распачыналі працаваць ў рэспубліканскіх наркаматах, якія ствараліся. Акрамя таго, былі прыняты меры па пошуку і ўліку ўсіх кіруючых работнікаў і спецыялістаў, якія былі эвакуіраваны з Беларусі [11, с. 172–173]. Працу ў гэтым напрамку праводзілі і некаторыя рэспубліканскія наркаматы. Так, кіраўніцтва Наркамата тэкстыльнай прамысловасці, якое таксама знаходзілася ў Маскве, да пачатку 1943 г. адшукала і паставіла на ўлік каля 200 работнікаў сваёй сістэмы – дырэктараў прадпрыемстваў, галоўных інжынераў і іншых спецыялістаў Наркамата, яго глаўкаў і трэстаў, з якімі была наладжана пісьмовая сувязь [12, арк. 5].
Пэўная падрыхтоўчая праца па падборы кадраў для гаспадарчых органаў была праведзена падпольнымі органамі Кампартыі Беларусь Ва ўсіх абласцях ствараліся трупы рэзерву партыйных, савецкіх, камсамольскіх і гаспадарчых работнікаў па 80-100 чалавек у кожным раёне. Абапіраючыся на гэтыя кадравыя рэзервы, ЦК КП(б)Б яшчэ напярэдадні ўступлення Чырвонай Арміі на тэрыторыю Беларусі сфарміраваў і ў верасні 1943 г. зацвердзіў абласныя, гарадскія і раённыя аператыўныя трупы Гомельскай, Магілёўскай, Палескай, а пазней – астатніх абласцей. Яны павінны былі садзейнічаць партыйным, савецкім і гаспадарчым органам у аднаўленні гаспадаркі і наладжванні мірнага жыцця [13, с. 387].
Акрамя падрыхтоўкі спецыялістаў-кіраўнікоў для гаспадарчых органаў, СНК БССР пачаў ствараць у адноўленых рэспубліканскіх наркаматах аператыўныя трупы, якім даручалася распрацоўка мерапрыемстваў і планаў аднаўлення народнай гаспадаркі рэспублікі. 29 сакавіка 1942 г. СНК БССР адобрыў мерапрыемствы па аднаўленні электрастанцый, водаправодных і каналізацыйных збудаванняў, 14 мая – па забеспячэнні насельніцтва таварамі першай неабходнасці, у чэрвені – ліпені гэтага ж года зацвердзіў планы аднаўлення Днепра-Дзвінскага рачнога параходства і Верхнядзвінскага басейнавага ўпраўлення пуці, падрыхтоўкі аднаўлення Беларускай чыгункі [11, 173–174].
Гэтыя і іншыя прынятыя СНК БССР і ЦК КП(б) падрыхтоўчыя меры з’явіліся асновай для далейшага разгортвання працы партыйных і дзяржаўных органаў на вызваленай тэрыторыі рэспублікі.
Пасля ўступлення ў верасні 1943 г. часцей Чырвонай Арміі на тэрыторыю Беларусі гэта праца значна паскорылася, маштабы яе павялічыліся. Пры гэтым ЦК КП(б)Б і СНК БССР у сваёй дзейнасці па аднаўленні народнай гаспадаркі рэспублікі кіраваліся дырэктывамі саюзнага цэнтра. На дадзеным этапе яны зыходзілі перш за ўсё з пастановы ЦК УКП(б) і СНК СССР ад 21 жніўня 1943 г. «Аб неадкладных мерах па аднаўленні гаспадаркі ў раёнах, вызваленых ад нямецкай акупацыі» [14, с. 427–465]. У адпаведнасці з гэтай пастановай пры СНК СССР быў створаны Камітэт па аднаўленні гаспадаркі ў раёнах, вызваленых ад нямецкіх акупантаў, які непасрэдна кіраваў аднаўленнем эканомікі і кантраляваў выкананне рашэнняў агульнасаюзнага кіраўніцтва па гэтых раёнах. I хаця ў пастанове аб БССР гаворка не вялася, у ёй утрымлівалася норма, у адпаведнасці з якой яе дзеянне распаўсюджвалася і на раёны, «вызваленыя ад нямецкай акупацыі пасля 1 ліпеня 1943 года».
Да канца 1943 г. ЦК КП(б) і СНК БССР разгледзелі значнае кола пытанняў, звязаных з аднаўленнем народнай гаспадаркі. Так, у развіццё вышэйадзначанай пастановы ЦК УКП(б) і СНК СССР ад 21 жніўня 1943 г. ЦК КП(б)Б 17 верасня 1943 г. прыняў пастанову «Аб арганізацыйных мерапрыемствах па Гомельскай вобласці ў сувязі з яе вызваленнем ад нямецкіх захопнікаў, якое прыбліжаецца». У гэтай пастанове была акрэслена праграма вырашэння першачарговых задач па аднаўленні разбуранай нямецкімі акупантамі народнай гаспадаркі [15]. У кастрычніку 1943 г. СНК БССР рагледзеў пытанні аб аднаўленні дзейнасці гаспадарчых органаў, ад якіх залежала аднаўленне прамысловых прадпрыемстваў. Было прадугледжана першачарговае аднаўленне працы ўпраўленняў і аддзелаў матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, наркаматаў прымасловасці будаўнічых матэрыялаў, мясцовай прамысловасці, камунальнай гаспадаркі, аўтамабільнага транспарту, Галоўнага энергетычнага ўпраўлення Наркамата камунальнай гаспадаркі, Галоўнага ўпраўлення хлеба-пякарнай прамысловасці, Наркамата гандлю, Галоўнага дарожнага ўпраўлення пры СНК БССР і інш. У лістападзе 1943 г. урад упершыню за ваенныя гады прыступіў да састаўлення народнагаспадарчага плана БССР і дзяржаўнага бюджэту рэспублікі на 1944 г. і IV квартал 1943 г. [11, с. 174, 176].
Між тым да пачатку 1944 г. вызваленая тэрыторыя Беларусі пашырылася: ад нямецкіх акупантаў былі ачышчаны 40 раёнаў у Гомельскай, Магілёўскай, Віцебскай і Палескай абласцях [16, с. 23–24]. У сувязі з гэтым ЦК УКП(б) і СНК СССР 1 студзеня 1944 г. прынялі спецыяльную пастанову «Аб бліжэйшых задачах Саўнаркама БССР і ЦК КП(б) Беларусі» [14, с. 485–489]. У ёй быў распрацаваны шырокі комплекс практычных мерапрыемстваў, якія вызначалі канкрэтныя задачы партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва БССР па хутчэйшым аднаўленні эканомікі на вызваленай тэрыторыі рэспублікі і якія адсу тнічалі ў пастанове ЦК УКП(б) і СНК СССР ад 21 жніўня 1943 г. «Аб неадкладных мерах па аднаўленні гаспадаркі ў раёнах, вызваленых ад нямецкай акупацыі».
Асаблівасцю аднаўленчых работ у Беларусі, якія ажыццяўляліся ў ходзе яе вызвалення і ў першы час пасля яго, з’яўлялася тое, што яны праводзіліся на тэрыторыі рэспублікі ва ўмовах вайны з Германіяй, якая працягвалася. Таму першачарговая ўвага надавалася хутчэйшаму аднаўленню прамысловых прадпрыемстваў, неабходных для абслугоўвання патрэб фронту. На тэта нацэльвала кіраўніцтва Беларусі і вышэйназваная пастанова ЦК УКП(б) і СНК СССР ад 1 студзеня 1944 г. Задачу «поўнасцю забяспечыць патрэбнасці Чырвонай Арміі ў баявой тэхніцы, рэчавай маёмасці і харчаванні» ў якасці першачарговай ставіў таксама дзяржаўны план аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі на 1945 г., які быў прыняты Саўнаркамам СССР 25 сакавіка 1945 г. [17, с. 229–231].
Вынікі дзейнасці партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва БССР у гэтым кірунку былі станоўчымі. Таму ўжо ў 1944 г. пачаў працу Мінскі станкабудаўнічы завод імя К. Я. Варашылава, на якім быў арганізаваны рамонт танкаў. У верасні гэтага года з завода на фронт адправіліся першыя вернутыя ў строй танкі. На Мінскім станкабудаўнічым заводзе імя С. М. Кірава, дзе ўжо да лістапада 1944 г. было падрыхтавана 1200 кубічных метраў вытворчай плошчы, была наладжана сборка самалётаў (да сакавіка 1945 г. калектыў прадпрыемства сабраў 240 і адрамантаваў 237 самалётаў). У кастрычніку 1944 г. на Мінскім мясакамбінаце быў уведзены ў эксплуатацию цэх па вытворчасці медыкаментаў, які пачаў выпускаць медикаменты для патрэб фронту і насельніцтва горада. У кароткія тэрміны аднаўляліся прадпрыемствы і ў іншых гарадах рэспублікі, прадукцыя якіх у першую чаргу ішла на патрэбы фронту: у строй дзеючых уступілі віцебскія станкабудаўнічыя заводы імя С. М. Кірава і імя Камінтэрна, швейная фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі», гродзенскія абутковая фабрыка і шклозавод «Нёман» і інш. [18, с. 413–415].
Аднак аднаўленне праходзіла вельмі цяжка. Яно моцна затрымлівалася не толькі тым, што амаль усе вытворчыя магутнасці былі разбураны. Нягледзячы на дапамогу саюзнага ўрада (восенню 1943 г. СНК СССР асігнаваў для Беларусі 429 млн руб., выдзеліў 1 тыс. станкоў, 2 тыс. т металу, 1542 трактары, многа лесу, шкла і іншых матэрыялаў [19, с. 477], а ў 1944 г. краіна атрымала ўжо 491 млн руб. датацыі, што складала 64 % бюджэту рэспублікі [20, с. 302–303]), фінансавых і матэрыяльных рэсурсаў не хапала. Так, у ліпені 1945 г. кіраўніцтва Віцебскага гарадскога камітэта КП(Б)Б дакладвала ў ЦК КП(б)Б, што работа прамысловых прадпрыемстваў горада, пачынаючы з моманту яго вызвалення ад нямецкіх акупантаў, «амаль паралізавана», паколькі адсутнасць усіх відаў змазачных маслаў не дазваляе ўвесці ў эксплуатацию ўстаноўленыя на іх станкі [21]. У выніку велізарных людскіх страт узнікалі цяжкасці з забеспячэннем вытворчасці рабочай сілай. Парушанымі былі эканамічныя сувязі с рэспублікамі СССР, а з раёнамі Беларусі, якія яшчэ заставаліся акупіраванымі нямецкімі войскамі, іх наогул не было.
3 заканчэннем вайны арганізацыя аднаўленчых работ у народнай гаспадарцы паступова была пераведзена ў рэчышча вырашэння задач асабліва мірнага будаўніцтва. У адпаведнасці з пастановай Дзяржаўнага Камітэта Абароны ад 26 мая 1945 г. «Аб мерапрыемствах па перабудове прамысловасці ў сувязі з скарачэннем вытчорчасці ўзбраення» [17, с. 231–232] прамысловыя прадпрыемствы поўнасцю або часткова вызваляліся ад вытворчасці прадукцыі для патрэб арміі і пераводзіліся на выпуск тавараў для насельніцтва. Ім даводзіліся наменклатура і памеры мірнай прадукцыі, графікі асваення гэтай прадукцыі. Завершана была тэта работа ў 1946 г. У БССР на выпуск прадукцьй для народнай гаспадаркі і задавальненне патрэб насельніцтва перайшлі металаапрацоўчыя заводы, прадпрыемствы лёгкай, харчовай, дрэваапрацоўчай і іншых галін прамысловасці [22, с. 45].
Трэба адзначыць, што ў 1944–1945 гг. поруч з аднаўленнем ішло будаўніцтва новых прадпрыемстваў прамысловасці, што ў тых умовах было вельмі важным не толькі для аднаўлення, але і для далейшага развіцця ўсёй народнай гаспадаркі Беларусі. Былі прыняты рашэнні пачаць будаўніцтва ў Мінску тонкасуконнага камбіната, трактарнага, веласіпеднага, інструментальнага, гіпсавага заводаў, завода будаўнічых дэталяў, у Магілёве – лакамабільнага, у Мазыры – рамонтна-экскаватарнага заводаў, у Віцебску – гумава-тасёмкавай фабрыкі і дыванова-плюшавага камбіната, у Лідзе – завода харчовых канцэнтратаў, у Баранавічах – завода па рамонту трактароў, у Гродне – цукровага завода, заводаў па рамонце аўтатрактарных матораў, выпуску запасных частак і інш. [23, с. 558]. Праўда, рэалізаваць некаторыя з гэтых рашэнняў удалося толькі ў наступныя гады.
Тэмпы аднаўлення прамысловай вытворчасці былі неаднолькавымі. Неабходнасць забеспячэння патрэб фронту абумовіла найбольш хуткае аднаўленне прадпрыемстваў машынабудавання і металаапрацоўкі – галін, якія складалі аснову цяжкай прамысловасці і індустрыяльнай моцы Беларускай ССР. У 1944 г. было адноўлена і пушчана ў эксплуатацию 196 машынабудаўнічых прадпрыемстваў, у тым ліку 18 буйных. Машынабудаўнічая прамысловасць Беларусі па валавой прадукцыі ў 1945 г. дасягнула 38,4 % узроўню 1940 г. [20, с. 303–304].
Разам з тым аднаўленне прадпрыемстваў лёгкай і харчовай прамысловасці рэспублікі, якія выраблялі тавары народнага спажывання, праходзіла не так хутка. Хаця к канцу 1945 г. удалося ўвесці ў эксплуатацию значную колькасць прадпрыемстваў гэтых галін (у прыватнасці, ужо дзейнічала 40 фабрык і заводаў лёгкай прамысловасці, тады як напярэдадні вайны іх было 68), аб’ём валавой прадукцыі лёгкай прамысловасці склаў толькі 11 % ад узроўню 1940 г., харчовай – 18,5 % [8, с. 83; 20, с. 304].
У цэлым жа першыя крокі па аднаўленні народнай гаспадаркі Беларусі, улічваючы яе надзвычай цяжкія страты за гады нямецкай акупацыі, абмежаванасць фінансавых, матэрыяльных і працоўных рэсурсаў, былі адносна паспяховымі. Колькасць дзеючых прамысловых прадпрыемстваў, якіх у 1940 г. у рэспубліцы налічвалася 37039, узрасла з 3406 у 1944 г. да 5900 у 1945 г. [24, арк. 14; 25, с. 47] і склала, такім чынам, 15,9 % ад узроўню 1940 г. Сярэднегадавая колькасць рабочых павялічылася з 41,3 тыс. чалавек у 1944 г. да 124,8 тыс. у 1945 г. (38 % даваеннага ўзроўню). Выпуск прамысловай прадукцыі ў Беларусі ў 1945 г. павялічыўся ў параўнанні з 1944 г. у 3,8 раза [падлічана па: 26, арк. 10; 27, арк. 207]. Аднак у параўнанні з 1940 г. ён склаў, як ужо адзначалася, толькі 20,4 %. Патрабаваліся болыпыя намаганні, каб дасягнуць даваеннага аб’ёму вытворчасці.
Крыніцы і літаратура
1. Экономическая история мира. Европа: в 4 т. / под общ. ред. М. В. Конотопова; Рос. акад. наук, Ин-т Европы – М., 2006. – Т. 4.
2. История Японии (1945–1975) / П. П. Топеха [и др.]; редкол.: В. А. Попов (отв. ред.) [и др.]. -М., 1978.
3. Экономика СССР в послевоенный период (краткий экономический обзор) / под ред. А. Н. Ефимова. – М., 1962.
4. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ). – Фонд 31. – Вой. 5. – Сир. 295: Аналитическая записка Госплана БССР в ЦК КП(б)Б от 18 сентября 1951 г. «Итоги выполнения четвертого (первого послевоенного) пятилетнего плана Белорусской ССР на 1946–1950 гг.»
5. НАРБ. – Фонд 4п. – Воп. 29. – Спр. 521: Отчет о работе Центрального Комитета КП(б) Белоруссии, 1946 г.
6. Беларусь в годы Великой Отечественной войны 1941–1945 / А. А. Коваленя [и др.]; редкол.: А. А. Коваленя (отв. ред.) [и др.]; НАН Беларуси, Ин-т истории. – Минск, 2005.
7. Шестая сессия Верховного Совета БССР. 21–24 марта 1944 г.: стенограф, отчет. – Минск, 1946.
8. Купреева, А. П. Возрождение народного хозяйства Белоруссии / А. П. Купреева. – Минск, 1976.
9. Нарыс гісторыі беларускай дзяржаўнасці: XX стагоддзе / М. П. Касцюк [і інш.]; рэдкал.: А. А. Каваленя [і інш.]; Нац. акад. навук, Ін-т гісторыі. – Мінск, 2008.
10. НАРБ. – Фонд 4п. – Воп. 29. – Спр. 518: Отчет ЦК КП(б)Б о ходе выполнения постановления ЦК ВКП(б) от 1 января 1944 г. «О ближайших задачах Совнаркома БССР и ЦК КП(б) Белоруссии».
11. История государства и права Белорусской ССР: в 2 т. / редкол.: С. П. Моргуновский [и др.]. – Минск, 1970–1976. – Т. 2: 1937–1975 гг. – 1976.
12. НАРБ. – Фонд 1004. – Воп. 1. – Спр. 81: Справка Наркомата текстильной промышленности СССР «Итоги работы за 1944 г. и основные мероприятия по восстановлению текстильной промышленности БССР на 1945 г.».
13. Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии: в 2 ч. / Ин-т истории партии при ЦК КПБ. – Минск, 1961; Беларусь, 1967. – Ч. 2: 1921–1966. – 1967.
14. КПСС в резолюциях и решениях съездов, конференций и пленумов ЦК (1898–1986) / Ин-т марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. – 9-е изд., доп. и испр. – М., 1983–1989. – Т. 7: 1938–1945. – 1985.
15. НАРБ. – Фонд 4п. – Воп. 3. – Спр. 1245: Постановление ЦК КП(б)Б от 17 сентября 1943 г. «Об организационных мероприятиях по Гомельской области в связи с приближающимся ее освобождением от немецких захватчиков».
16. Мацюшэнка, Г. Д. Камуністычная партыя Беларусі ў барацьбе за аднаўленне і развіццё прамысловасці ў пасляваенныя гады (1946–1950) / Г. Д. Мацюшэнка. – Мінск, 1962.
17. Решения партии и правительства по хозяйственным вопросам: сб. док. за 50 лет: в 5 т. – М., 1967–1968. – Т. 3: 1941–1952 гг. – 1968.
18. Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны: в 3 т. / Л. В. Аржаева [и др.]; гл. редкол.: А. Т. Кузьмин (пред.) [и др.]. – Минск, 1983–1985. – Т. 3. – 1985.
19. История Белорусской ССР: в 2 т. / под общ. ред. Л. С. Абецедарского [и др.]. – 2-е изд., доп. – Минск, 1961. – Т. 2.
20. Экономика Советской Белоруссии. 1917–1967 / отв. ред. Ф. С. Мартинкевич. – Минск, 1967.
21. НАРБ. – Фонд 4п. – Воп. 38. – Спр. 313: Докладная Витебского городского комитета КП(б)Б в ЦК КП(б)Б от 8 июля 1945 г. о работе промышленных предприятий Витебска.
22. Псторыя Беларускай ССР: у 5 т./ тал. рэдкал.: I. М. Ігнаценка (старш.) [і інш.]. – Мінск, 1972–1975. – Т. 5: Беларуская ССР у перыяд стварэння развітога сацыялістычнага грамадства і будаўніцтва камунізму (1945–1974 гг.) / рэдкал.: А. А. Філімонаў (тал. рэд.) [і інш.]. – 1975.
23. Псторыя Беларускай ССР: у 5 т./ тал. рэдкал.: I. М. Ігнаценка (старш.) [і інш.]. – Мінск, 1972–1975. – Т. 4: Беларусь напярэдадні і ў гады Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза (1938–1945 гг.) / рэдкал.: I. С. Краўчанка (гал. рэд.) [і інш.]. – 1975.
24. НАРБ. – Фонд 4п. – Воп. 20. – Спр. 217: Стенограмма VI Пленума ЦК КП(б)Б 12–18 февр. 1945 г.
25. Экономика Белоруссии в период послевоенного возрождения / 3. И. Гиоргидзе [и др.]; под ред. В. И. Дрица. – Минск, 1988.
26. НАРБ. – Фонд 30. – Воп. 6. – Спр. 36: Краткий паспорт ЦСУ СССР «Основные показатели развития народного хозяйства и культурного строительства Белорусской ССР» за 1945 г.
27. НАРБ. – Фонд 30. – Воп. 6. – Спр. 80. Экономическая записка ЦСУ БССР в ЦК КП(б)Б от 15 января 1949 г. «Данные по валовой продукции, численности рабочих и выпуску главнейших изделий в натуральном выражении по промышленности Белорусской ССР за 1943–1948 гг.».
Более 800 000 книг и аудиокниг! 📚
Получи 2 месяца Литрес Подписки в подарок и наслаждайся неограниченным чтением
ПОЛУЧИТЬ ПОДАРОК