Да пытання аб стварэнні Народнага Камісарыята Абароны Беларускай ССР вясной 1944 г.: планы i рэаліі
У гісторыі Беларускай ССР (1919–1991 гг.) пытанне аб стварэнні беларускіх вайсковых фарміраванняў узнімалася тройчы. Прычым з кожным разам яго кошт павышаўся (дзве дывізіідзве армй – Народны Камісарыят Абароны).
У 1920-1930-я гг. на тэрыторыі Беларускай ваеннай акругі (Заходняга фронту, Заходняй ваеннай акругі) дзейнічалі дзве Беларускія стралковыя дывізіі пераменнікаў (да 20 тыс. чалавек), сярэдні камандны склад беларускіх падраздзяленняў рыхтаваўся ў Аб’яднанай Беларускай ваеннай школе імя ЦВК БССР. Падмурак нацыянальнага ваеннага будаўніцтва ў Чырвонай Арміі, закладзены 25 красавіка 1923 г. паводле рашэнняў XII з’езда РКП(б) і падмацаваны планамі, пастановамі, загадамі, партыйна-палітычнай работай, а таксама бела-русізацыяй, паступова стаў разбурацца ў 1935–1938 гг. [1, с. 25–26]. Апошняй датай існавання беларускіх нацыянальных ваенных фарміраванняў у складзе РСЧА варта лічыць 16 красавіка 1938 г., калі быў падпісаны загад наркама абароны СССР К. Варашылава, паводле якога тэрытарыяльна-нацыянальныя часці і злучэнні рэарганізоўваліся ў агульнасаюзныя кадравыя [2, с. 9].
Пачатак другой спробы датуецца летам 1942 г., калі было ўзнята пытанне аб стварэнні дзвюх Беларускіх армій агульнай колькасцю да 154 тыс. чалавек. Кіраўніцтва ЦК КП(б)Б і Савет Народных Камісараў БССР арганізавалі актыўную працу па пошуку магчымых крыніц камплектавання, даследаванні мабілізацыйных магчымасцяў эвакуіраванага ў савецкі тыл беларускага насельніцтва, збору і сістэматызацыі сведкаў аб беларусах, якія ваявалі ў складзе Чырвонай Арміі. Былі распрацаваны штаты беларускіх армій, падрыхтаваны праекты загадаў і пастаноў Дзяржаўнага Камітэта Абароны. Галоўны рухавік ідэі стварэння асобнай беларускай арміі – Панцеляймон Панамарэнка – двойчы безвынікова дасылаў пакет дакументаў на подпіс Іосіфу Сталіну (жнівень і кастрычнік 1942 г.) [1, с. 27–32]. Умоўнай кропкай завяршэння нерэалізаванага праекта можна лічыць канец лютага 1943 г., калі Панамарэнка, выступаючы на V пленуме ЦК КП(б)Б з дакладам аб партызанскім руху, у сваёй заключнай прамове ўспомніў пра магчымасць стварэння Беларускай арміі: «…было бы не плохо вывести из Белоруссии тысяч 100 белорусов, между нами говоря, абсолютно конспиративно для того, чтобы организовать белорусскую армию, оснащенную мощной советской техникой и комсоставом». Пасля заканчэння пленума Панамарэнка выкрасліў гэтыя словы з чарнавіка стэнаграмы [3, арк. 273].
Праз год планка беларускіх мараў аб нацыянальных узброеных сілах паднялася да найвышэйшага ўзроўню: у сакавіку 1944 г. быў дэ-юрэ зацверджаны Народны Камісарыят Абароны Беларускай ССР. Але ў гэтай неардынарнай падзеі беларусы аказаліся толькі статыстамі.
Верагодна, што вытокі чарговага вяртання да пытання стварэння беларускіх нацыянальных узброеных сіл трэба шукаць ў Тэгеране, дзе з 28 лістапада па 1 снежня 1943 г. прайшла сустрэча першых асоб СССР, ЗША і Вялікабрытаніі. Абрысы міжнароднай арганізацыі, якая павінна была б узяць на сябе пасля заканчэння вайны функцыі забеспячэння калектыўнай бяспекі ў свеце (будучая Арганізацыя Аб’яднаных Нацый), яшчэ толькі вырысоўваліся. Рыхтаваўся Статут арганізацыі, вызначаліся краіны-заснавальніцы і краіны-ўдзельніцы. Зразумелым было жаданне I. Сталіна ўключыць у спіс заснавальніц ААН максимальную колькасць савецкіх рэспублік. Вашынгтон і Лондан выступалі супраць, спасылаючыся на адсутнасць у савецкіх рэспубліках асноўных прызнакаў суверэнітэту – міністэрстваў замежных спраў і нацыянальных армій [1, с. 32]. Адказ Масквы прагучаў вуснамі Вячаслава Молатава 1 лютага 1944 г. на X сесіі Вярхоўнага Савета СССР першага склікання: «Наша армия создавалась как общесоюзная армия, а отдельных войсковых формирований республик не существовало. Теперь предлагается ввести войсковые формирования республик, которые должны быть составными частями Красной Армии. В связи с этим возникает потребность в создании Наркоматов Обороны в союзных республиках, а также необходимость преобразования общесоюзного Наркомата обороны в союзно-республиканский наркомат» [4].
Пры абмеркаванні гэтага пытання ад Беларусі выступіў Панцеляймон Панамарэнка, які запэўніў, што «вайсковыя фарміраванні рэспублікі будуць мець слаўныя баявыя традыцыі». Таксама ён адзначыў, што на франтах у тэты час змагаецца некалькі тысяч афіцэраў, 4 адміралы і 157 генералаў – «сыноў беларускага народа» [5].
Частка кіраўніцтва БССР навіну аб прыняцці новага саюзнага закону ўспрыняла з энтузіязмам. Нягледзячы на маўчанне Масквы, ад якой чакалі канкрэтных загадаў і далейшых указанняў, пачалі паступаць практычныя прапановы знізу. «У ЦК ВКП (б) і ва Упраўленні кадраў Чырвонай Арміі (са слоў т. Смародзіна) ніякіх указанняў аб камплектаванні вайсковых фарміраванняў няма. Незалежна ад гэтага ёсць прамая неабходнасць прасіць дазволу ДКА прыступіць да стварэння вайсковых фарміраванняў у Беларусі», – дакладваў П. Панамарэнку загадчык ваеннага аддзела ЦК КП(б)Б М. Прохараў [6]. Ён жа прапанаваў ужо ў сакавіку 1944 г. пачаць фарміраванне 25-30-тысячнага Беларускага корпуса з воінаў-беларусаў 1-га і 2-га Беларускіх франтоў, 1-га Прыбалтыйскага фронту, а таксама з партызан, якія выйшлі з варожага тылу [7]. Далей прапаноў тэта справа не пайшла.
31 снежня 1943 г. ЦК КПБ і СНК БССР былі пераведзены з Масквы ў Нова-Беліцу (раён вызваленага, але дашчэнту разбуранага Гомеля). Там, у клубе запалкавай фабрыкі «Везувій», 21–24 сакавіка 1944 г. і адбылася гістарычная VI сесія Вярхоўнага Савета Беларускай ССР [8, с. 23–24]. Адным з разглядаемых пытанняў на сесіі было абмеркаванне ўтварэння Народнага Камісарыята Абароны Беларускай ССР.
Знаёмства са стэнаграфічнай справаздачай сесіі [9] дазваляе зрабіць выснову, што ідэя стварэння нацыянальнай беларускай арміі ад папяровых праектаў і планаў паступова скацілася да голых дэкларацый. Нягледзячы на ўзнёслыя прамовы дэпутатаў, склалася ўражанне, што некаторыя з іх здагадваліся аб чыста дэкларатыўным характары стварэння Народнага Камісарыята Абароны.
На першым пасяджэнні (21 сакавіка) П. Панамарэнка ў сваім дакладзе толькі адным сказам акрэсліў разглядаемую намі тэму: «Стварэнне воінскіх фарміраванняў у Беларусскай ССР, як і ў іншых Саюзных рэспубліках, будзе азначаць далейшае ўмацаванне нашай доблеснай Чырвонай Арміі і павышэнне яе боездольнасці» [9, с. 59]. На другім пасяджэнні (22 сакавіка) у выступленні К. Міцкевіча (Якуба Коласа) не прагучала аніводнага слова аб стварэнні беларускай арміі. Пры разгляданні (23 сакавіка) дзяржаўнага бюджэту БССР на 1944 г. прадугледжвалася фінансаванне толькі народнай гаспадаркі, сацыяльна-культурных мерапрыемстваў і выдаткаў па кіраўніцтве. Ранішняе паседжанне 24 сакавіка пачалося з зацвярджэння рэспубліканскага, а затым мясцовых бюджэтаў. Абмеркаванне трэцяга пытання дня пасяджэння – «Аб утварэнні Народнага Камісарыята Абароны БССР і Народнага Камісарыята Замежных Спраў» – пачалося з прамовы Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Н. Наталевіча [10].
Трэба адзначыць, што яго даклад атрымаўся змястоўным і аптымістычным. Дакладчык зрабіў экскурс у ваенную гісторыю Беларусі ад перамогі пад Грунвальдам да подзвігаў беларускіх партызан Вялікай Айчыннай вайны. Запэўніў, што «гэтыя слаўныя гістарычныя баявыя традыцыі ўбяруць у сябе і будучыя беларускія нацыянальныя фарміраванні», адзначыў, што партызанскі рух, які разгарнуўся на тэрыторыі Беларусі, выхаваў і вылучыў кадры таленавітых камандзіраў і генералаў, якія маюць велізарны баявы вопыт і з’яўляюцца «каштоўнейшымі кадрамі для вайсковых фарміраванняў нашай Рэспублікі», успомніў пра 2-ю і 33-ю Беларускія стралковыя дывізіі ў складзе РСЧА і падвёў вынік: «Для воінскіх фарміраванняў Рэспубліка мае ўсе неабходныя ўмовы» і «справа чэсці нашага Урада і ўсяго беларускага народа будзе бачыць вайсковыя фарміраванні Беларускай ССР як састаўныя часткі Чырвонай Арміі, самымі ўзорнымі, самымі баяздольнымі і самымі стойкімі ў барацьбе з ворагамі нашай сацыялістычнай Радзімы». Наталевіч прапанаваў неадкладна пачаць шэраг мерапрыемстваў па рэалізацыі закону аб вайсковых фарміраваннях Рэспублікі: пераклад некаторых статутаў і настаўленняў РСЧА на беларускую мову; перагляд праграмы ваеннага навучання ў школах (арганізацыя дадатковых гурткоў па вывучэнні «вінтоўкі, гранаты, кулямёта, мінамёта, гарматы, авіямадэлізму», а таксама паглыбленае вывучэнне замежных моў); уцягненне моладзі ў такія віды спорта, як стралковы, лыжны, водны і спартыўнае паляванне, што будзе вельмі карысным для будучых кадраў беларускіх вайсковых фарміраванняў [9, с. 205–214].
Выступіў пісьменнік Міхась Лынькоў, які гаварыў пра багатыя ваенныя вопыт і традыцыі беларусаў. Пра прыклады гераізму воінаў-беларусаў распавядаў дэпутат Сакольскай выбарчай акругі Беластоцкай вобласці генерал-маёр Д. Дуброўскі. Падпалкоўнік медыцынскай службы прафесар С. Мелкіх звярнуўся да дэпутатаў са словамі: «Хіба нам кожнаму не зразу мела, што калі ў нас будуць свае ўласныя фарміраванні – беларускія, мы з яшчэ большым умением, любоўю і настойлівасцю сумеем абараняць сваю родную беларускую зямлю. Бо тэта ж зусім зразумела, таварышы. У нас павінен быць свой беларускі Камісарыят Абароны» [9, с. 236]. Прапанову зацвердзіць законы аб утварэнні Наркамата Абароны і Наркамата Замежных спраў выказаў М. Прохараў, які ў сваім выступленні засяродзіў увагу на выдатных баявых якасцях беларускага народа, на з’яўленні цэлай плыні таленавітых военачальнікаў-беларусаў На вячэрнім пасяджэнні, якое адбылося пасля перапынку, спрэчкі былі спынены. Закон аб утварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага Камісарыята Абароны БССР і дапаўненні ў Канстытуцыю БССР – «Артыкул 16-6. Беларуская Совецкая Соцыялістычная Рэспубліка мае свае рэспубліканскія вайсковыя фарміраванні» прыняты адзінагалосна. Дэпутаты раз’ехаліся. ЦК КПБ і СНК БССР у ліпені 1944 г. вярнуліся ў вызвалены Мінск.
Пасада наркама абароны БССР так і засталася вакантнай. Наколькі вядома, кандыдатура на тэту пасаду нават не абмяркоўвалася. Пра стварэнне нацыянальных вайсковых фарміраванняў пытанне больш не падымалася. Пра выхад брашурна-кніжнага выдання Канстытуцыі БССР 1937 г. са зменамі 1944 г. і артыкулам пра рэспубліканскія вайсковыя фарміраванні звестак не знойдзена. Лічым, што даць аб’ектыўную ацэнку спробам стварэння беларускіх вайсковых фарміраванняў у складзе Чырвонай Арміі падчас Вялікай Айчыннай вайны толькі па справаздачах і дакладных, якія захаваліся ў архівах, немагчыма. Адсутнасць успамінаў удзельнікаў тых падзей, афіцыйных рэзалюцый кіраўніцтва СССР ускладняе задачу беларускіх гісторыкаў, якія апошнія 20 гадоў даследуюць тэту праблему (Міхаіл Шумейка, Уладзімір Гуленка і інш.).
Крыніцы і літаратура
1. Чирвинский, В. Белорусская Особая. «Совершенно секретно… товарищу Сталину И. В… об организации Белорусской Армии…» / В. С. Чирвинский // Армия. – 2011. – № 3. – С. 24–33.
2. Варенников, В. Из истории создания и подготовки национальных воинских формирований / В. И. Варенников // Военная мысль. – 1990. – № 2. – С. 3–13.
3. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Фонд 4п. – Вой. 20. – Сир. 213. Стенограмма (протокол черновой) и постановление V-ro Пленума ЦК КП(б) от 26–28 февраля 1943 г.
4. Доклад тов. В. М. Молотова в Верховном Совете СССР 1 февраля 1944 года // Правда. -1944. – 2 февр.
5. Речь депутата П. К. Пономаренко (Белорусская ССР) // Правда. -1944. – 6 февр.
6. Неажыццёўлены праект, або чаму Сталін не падпісаў дакумент аб стварэнні Беларускай арміі ў 1942 годзе? Гутарка журналіста «Звязды» Паўла Бераснева з гісторыкам Уладзімірам Гуленкам // Звязда. -2011.-5 студз.
7. Шумейко, М. Осталось на бумаге… О двух попытках создания белорусских воинских формирований в годы Великой Отечественной войны / М. Ф. Шумейко // Во славу Родины. -1993. – 3 марта.
8. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Гомеля: у 2 кн. – Кн. 2. – Мінск, 1999.
9. Шостая сесія Вярхоўнага Савета БССР, 21–24 сак. 1944 г.: стэнаграф. справаздача. – Мінск, 1946.
10. Даклад Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Н. Я. Наталевіча // Совецкая Беларусь. – 1944. – 23 крас.